ЭМІГРАНТ


Мы ў сваім чужыя.

Янка Купала


Сто англій і дзвесце францый

Ніякай сваёю сілай

Не зробяць з мяпе эмігранта,

А наша жыццё зрабіла.

Паўсюль, ідучы па Мінску,

Бачу сцяну глухую,

Бо ні здалёку, ні зблізку,

Таго, што хачу,— не чую.

Прайду праз усе райкомы.

Аптэкі, заводы, кавярні,

Кнігарні і гастраномы,

Міліцыю і казармы;

Праз кожную плошчу, завулак,

Кватэры, з якіх не пратураць,—

Дзе ж роднаму слову прытулак?

Няўжо толькі ў літаратуры?

Няўжо толькі ў ёй — адхланне,

Магчымасць адна — не памерці...

Тыраж у любога з выданняў

Па эмігранцкай мерцы!

I гэтакія ж тым часам

З'яўляюцца сціпла, нягучна

Напаўбеларускія класы

Па дзесяць-дванаццаць вучняў...

Даволі вярэдзіць раны!

I без таго заўважаю —

Глядзяць, як на эмігранта,

На мяне, калі размаўляю.

Адкуль? З якой рэзервацыі?

З якой Беларусі такой?

Эх, вечная эміграцыя

На радзіме сваёй.


Загрузка...