ПРА ПАЭТА


Паэт — эгаіст у той меры, у якой гэта неабходна, каб з гранічнай шчырасцю заявіць свету пра сябе.


Радасць, каханне, разуменне і, нарэшце,— адчай... Паэзія ўсё ж пачынаецца з адчаю, відавочнага ці схаванага, калі паэт пераконваецца ў дасканаласці сусвету, адчуваючы сваю недасканаласць. Гэтага адчування, дарэчы, дастаткова,— вядома, пры ўмове, што яно непадманнае,— каб паэт не памёр як паэт.

Ён гіне тады, калі абрастае мускуламі бяздумнага аптымізму, калі ўсё ў ім і вакол яго страчвае межы. Бязмежнае павінна быць падпарадкавана эстэтычнай раўнавазе. Паэт пра гэта дбае гэтаксама, як дбае пра аловак і паперу на сваім стале.

Ён можа геданістычна ставіцца да віна, але да слова адносіны ў яго заўсёды аскетычныя, бо лішняе слова страшней, чым лішні келіх.

Паэт не баіцца мармытання, коснаязыкасці, дрэннай дыкцыі. Пявымаўленае слова гарыць у ім свечкай, якая не аплывае. Але калі слова вымаўляецца і занатоўваецца — першыя літары па паперы падобныя на гарачыя кропелькі воску.

Паэт шукае простыя, зразумелыя словы, і толькі таму, што ён паэт, паміж знойдзенымі словамі ўсталёўваюцца шматслойныя, загадкавыя сувязі. У паэзіі простае не звязваецца простым. Абавязкова павінна быць загадка, таму што паэтычны вобраз развіваецца па нязменным шляху — ад відавочнага да таемнага. Так вучыў Малармэ.

Паэт не разгадвае, загадвае. Ён загадкавы і сам сабе, нават у той лабараторны момант, калі раптам па-чынае вымаўляць першыя радкі верша. Вядома, што гэта яшчэ пе зусім выразнае вымаўленне. Яно падобнае на музычнае мармытанне краўца, які, заціснуўшы зубамі нітку, рассцілае на сваім стале тканіну.

Каб пазбавіцца небяспечнай аднастайгіасці, празмернай вытанчанасці і сацыяльнай закалыханасці,— паэт свядома пасыпае сухой зямлёй ахвяраваную яму манну нябесную...

Паэту неабавязкова, каб яго разумелі, але яму заўсёды неабходна ўвага. Ён у кожную сваю хвіліну імкнецца да ўвагі, нават да самай нязначнай. Сёння паэт мае права казаць пра беднасць увагі. Казаць, але не скардзіцца.

Няўвагаю да паэзіі выкармлена пошласць, якая па сваёй сутнасці заўсёды агрэсіўная. I калі рэчаіснасць патанае ў пошласці — толькі з такой рэчаіснасцю паэт варагуе.

Паэту таксама ненавісны і свой архіў — не тым, што ў ім багата ненадрукаванага, а тым, што існуе часам непераадольная спакуса надрукаваць нават неабавязковае.

Неабавязковае ў паэзіі супадае з абавязковым у эканоміцы. Гэта канал, які выпроствае рэчышча ракі. Робячы ласку суднаходству, ён тым самым зневажае прыроду.

Паэт ведае: толькі стаўшы на шлях маральнага самаўдасканалення, можна пазбегнуць неабавязковага, а менавіта — сцвердзіць у сваёй душы перавагу вечнага над часовым. Гэты шлях, як царква — ён адчынены для кожнага. Ён вядзе чалавека ад сябе да сябе, вылечвае духоўную слепату, робіць чалавека інтэлектуальна і нацыянальна відушчым. На гэтым шляху абуджаецца інтэлект нацыі.

Забыццю сваёй нацыі і свайму забыццю паэт можа супрацьпаставіць паэзію, у якой інтэлект і душа не супярэчаць адно аднаму.


Загрузка...