* * *


У гэтай цемрадзі густой,

У гэтай цемрадзі дажджлівай

I мне патрэбны — крэсла, стол

I куфаль сонечнага піва.

У гэтых вулках і дварах,

У горадзе фламандскім гэтым

I мне патрэбен цёплы дах

I ўтульны водар цыгарэты.

У тваіх нетрах, Свет Стары,

Дзе крок спакусы вельмі хуткі,

Мне даспадобы ліхтары

I сёстры Бога — прастытуткі.

Я нібы птушка, для якой

I ў цемры шлях ляжыць дадому,

Якая ў далечы чужой

Шукае на гняздо салому...


Загрузка...