ВЕРШЫ-ЗОНГІ СА СПЕКТАКЛЯ «ДРАКОН» ПАВОДЛЕ АДНАЙМЕННАЙ П'ЕСЫ Я. ШВАРЦА


Мікалаю Пінігіну


УСТУПНЫ ЗОНГ ЛАНЦЭЛОТА

Шмат блукаў я, шмат хадзіў я.

Зведаў цудаў незлічона,

Але тут — краіна-дзіва

За жалезнаю заслонай...

Што за дзіўная карціна

На шляху маім паўстала?

Мне такой яшчэ краіны

Сустракаць не выпадала.


ГАРАДЖАНЕ СЛАВЯЦЬ ДРАКОНА

У кожным з нас жыве Дракон,

I з год малых да скону

Для нас — вышэйшы ён закон,

Вышэй няма закону!

Ён больш святы за ўсіх святых.

Падобны на ікону.

За кожны свой пражыты міг

Мы ўдзячныя Дракону.

Пазбавіцца, Бог барані,

Ягонага палону!

I мы спрадвеку дзень пры дні

Адданыя Дракону.

Жывём, сябе выдаючы

За мокрую варону

I штохвіліны пеючы

Хвалу і чэсць Дракону.

Нас выратуе ад бяды,

Наладзіць абарону,

Праз тое — молімся гады

Мы роднаму Дракону.

Душой аздобілі сваёй

Драконаву карону.

Хай што ні ёсць — абы спакой!

I ўсё, што ёсць,— Дракону!

У кожным з нас жыве Дракон,

I з год малых да скону

Для нас — вышэйшы ён закон,

Вышэй няма закону!


ДУЭТ ЭЛЬЗЫ I ЛАНЦЭЛОТА

Л а н ц э л о т

Душа прадчувала святло,

I тое святло, нібы крылы,

Мяне да цябе прынясло...

Э л ь з а

Як гэта цудоўна, мой мілы.

Ланцэлот

Я ўпарты — бяда не сагне.

Калі ж не ўхілюся ад згубы,

Прашу, не забудзь пра мяне...

Э л ь з а

Ніколі, ніколі, мой любы.

Але шчасце нас абміне,

У рэках далёкіх патоне...

Навошта — ці скажаш ты мне —

Я жыць пачала пры Драконе?

Л а н ц э л о т

Не трэба адчаю, прашу,—

Мы будзем шчаслівыя, вер мне!

Э л ь з а

Адкуль? Калі сее ў душу

Бязвер'е атрутнае зерне.

Л а н ц э л о т

Адкуль ты пытаеш? З нябёс!

Там болей не будзе Дракона,

I сонца асвеціць паш лёс

Сваёй чысцінёй незамглёнай.


ЗОНГ МУЗЫКАНТА-МЕТАЛІСТА

Я — майстар музычных спраў.

Сабою не буду хваліцца.

Я доўга цябе чакаў

I верыў — ты прыйдзеш, рыцар.

I зараз не я адзін.

А просім мы ўсе з паклонам:

Нянавісць сваю збудзі!

Дракона забі! Дракона!

Мы сталі ніжэй травы.

Цішэй за ваду мы сталі,

Згубілі свае правы —

Свабоду у нас укралі!

Таму — і не я адзін,

А просім мы ўсе з паклонам:

Нянавісць сваю збудзі!

Дракона забі! Дракона!

Не грэбуй зброяй маёй.

У струнах пявучых зроду

Жыве пераможны бой —

Вярні нам назад свабоду.

I помні — не я адзін,

Прасілі мы ўсе з паклонам:

Нянавісць сваю збудзі!

Дракона забі! Дракона!


АДКАЗ ЛАНЦЭЛОТА МУЗЫКАНТУ

Што наканавана мне?

Пра сябе падумаць? Не!

Пра нябёсы лепей, што нясуць душы спакой.

Дай жа, Божа, сілу мне

Пра сябе не думаць, не!

Дай жа, Божа, сілу і вядзі мяне на бой!


ЗОНГ ЛАНЦЭЛОТА ПАСЛЯ БОЙКІ З ДРАКОНАМ

Я перамог. Дракон забіты.

Нябыт сатрэ яго сляды.

Непадуладная нябыту,

Свабода вернецца сюды.

Я недарэмна ў бойку рушыў.

Няхай памру ад цяжкіх ран,—

Але выпростваюцца душы,

Страх пакідае гараджан.

I з горкім каяннем на твары

Праклёны шле сабе народ:

«Навошта цешылі пачвару?

Кармілі злыдня столькі год!

Якія подлыя ў нас душы

I баязлівыя к таму ж!

I гінуў смелы, гінуў дужы

Праз баязлівасць нашых душ.

Пажыўшы ў гэткім перапудзе,

Паразумнелі б камяні,

А мы не камяні, мы — людзі!

I нам без розуму ані!

I без Дракона, без прыгнёту

Жыццё на новы пойдзе лад —

Дык слава, слава Ланцэлоту!

Асілку, рыцару — віват!»

Шкада, што гэтае прызнанне

Я чую па дарозе ў рай...

Бывай, жыццё, бывай, каханне,

I, Эльза мілая, бывай.

Ты прысвяці сваю малітву

Таму, хто ўсе шляхі схадзіў,

Дракона выклікаў на бітву,

Забіў яго і сам спачыў.


ГАРАДЖАНЕ СЛАВЯЦЬ БУРГАМІСТРА

Было жыццё, нібы турма.

Было ярмо прыгону.

I вось таго ярма — няма.

Анафема — Дракону!

Мы не маглі, мы не маглі

Спакойна спаць і есці.

Нам дэмакратыю далі

Чаканую нарэшце.

Які святочны краявід —

Налева і направа.

Дракону подламу — нябыт!

А Бургамістру — слава!

Ён з намі быў, ён нас любіў

I нават пад уціскам

Не проста Бургамістрам быў,

А антыдраканістам.

Не проста так у час бяды

Прагнаў пачвару з трона,

А назаўсёды, назаўжды

Ён зваяваў Дракона.

Галовы страціла свае

Пачвара-недарэка.

Мы сёння славім не яе,

Мы славім — чалавека.


ЗОНГ ЭЛЬЗЫ ПЕРАД ШЛЮБАМ

Усё — і спакой, і адчай —

Табе ахвярую, мой Божа,

А ты мне ўзамен абяцай,

Што гэтьш няшчасным паможаш.

А ты мне зрабіць абяцай

Відушчымі іхнія вочы

I ўсе спадзяванні на рай

Нічым у жыцці не азмрочыць.

Ты гордасці іх навучы

I смеласці непераможнай.

Любоў, як дачку, заручы

Ты з горадам гэтым, мой Божа.

У душы глухія зірні,

У сэрцы — таксама ж такія...

Да роднае мовы вярні

Ты гэтыя душы глухія.

Не проста ты мне абяцай,

Што зробіш усё і паможаш,

Прашу цябе — розуму дай,

Вярні іх да памяці, Божа!


ГАРАДЖАНЕ СЛАВЯЦЬ ЛАНЦЭЛОТА

Мы будзем ведаць з году ў год,

Таго забыць не зможам,

Што толькі рыцар Ланцэлот

Сапраўдны пераможац.

На вочы бачылі свае,

Як мужна і натхнёна

Галовы ўсе да аднае

Ён пазбіваў з Дракона.

Мы б самі гора не звялі,

Калі б не меч ягоны.—

Мы па-ранейшаму жылі

I славілі б Дракона.

I што хавацца нам. калі б

Не уваскрос так быстра —

Мы па-ранейшаму жылі б

I славілі Бурмістра.

Ён уваскрос, ён уваскрос —

Вярнулася свабода.

Замілаваныя да слёз,

Мы славім Ланцэлота.

Не толькі мы, а кожны звон

Яму вітанне зложыць,

Бо толькі ён, бо толькі ён

Сапраўдны пераможац.


ЗАКЛЮЧНЫ ЗОНГ ЛАНЦЭЛОТА

Не трэба вар'яцтва! Вы чуеце?.. Не!

О, тупасці вашай нішто не скране.

Вы думаць не хочаце! Кожны — глухі!

Вам слых не патрэбен і нават мазгі!

Так жыць немагчыма, як вы жывяцё...

Жыццё без свабоды — ужо не жыццё!

Вы тварам — героі, душою — рабы!

Дзе пуга, дзе ганьба — там вашы гарбы!

Вы быдла! Не людзі! Ваш розум патух.

Патрэбен вам хлеў і патрэбен пастух.

Стапталі сябе і за вашай душой

Ні веры сваёй і ні мовы сваёй.

Вам цёпла, вам добра ў адной чарадзе.

Вы — маса, якую не ўбачыш нідзе...

Пра што я? Каму я? Навошта? Хоць плач...

О, Божа, даруй мне.

О, Божа, прабач.


Загрузка...