* * *


Ступіў і ты за месяцам услед

На вуліцы вячэрняга Бруселя,

Як госць п'яны, які згубіў вяселле,

Пакрыўджаны на той і гэты свет.

Шануюць непарушны этыкет

Кавярні дарагія і гатэлі.

Арабы свае танныя кактэйлі

П'юць у шынках, дзе сплеснявеў паркет.

У сэрцы і алах, і Магамет,

А ў небе — сцягі натаўскіх краінаў.

Пад іх аховай — сумная навіна —

Стаіўся выпадковы мінарэт.

Жанчыны, паднавіўшы марафет,

У крэслы свае мяккія паселі

I з вокнаў запрашаюць у пасцелі,

У той, вядомы толькі ім, сакрэт...

I ўласны табе ўбачыцца партрэт —

Не ў золаце празрыстай акварэлі,

Намаляваны крэйдай па панелі

I крэйдаю падпісаны «Poete».


Загрузка...