Мая жонка

Сядзім мы ў альтанцы і хвалімся.

— Што ні кажыце, а мая Параска — залатая жонка, — пачынае Пятро.— На што я па характару гарачы, а яна нават і слова наперакор не скажа. Другой такой — на белым свеце не адшукаеш...

— Не, за маю Ганну,— пачынае Эдзік, самы малодшы з нас,— няма лепшай. Такая клапатлівая, далікатная...

— А ўсё ж мая Лёля,— перабівае Мікола,— яшчэ лепшая. I пра дзяцей клапоціцца, і ў хаце прыбярэ... Ніколі ад яе благога слова не пачуеш...

— У мяне не жонка, а золата,— пачаў Кастусь.— Вып'ю — змаўчыць, позна прыйду — даруе.

— А мая Рэня, павінен заявіць вам,— бярэ слова Уладзік.— Згатуе галубцы — пальчыкі абліжаш, прыгатуе хлебны квас — не адарвешся ад жбанка...

А час ідзе. За размовай выпіваем па бутэльцы піва. Потым нехта пытае: «Мо па рублю скінемся?»

— А чапялу на закусь не хочаце? — То Пятрова Параска голас падала.

— Эдзік, і ты тут? — крычыць Эдзікава Ганна.

— Ну, браткі, гайда па кватэрах. Чую, галубцы прыгарэлі,— гаворыць Уладзік.

Альтанка пусцее...

Загрузка...