Перабудова

Іван Іванавіч Цыбулькін, яшчэ раз акінуўшы позіркам прысутных, сказаў:

— Перабудова — гэта той шлях, па якім кожны з нас павінен ісці. Прывяду сотні прыкладаў. Пры зрэзе дрэў застаюцца метровыя пні, а голле спальваецца. Калі пералічыць на гектары ўсе тыя пні-цурбакі, то можна ўсю зіму вялікую вёску ацяпляць. Эканомія? Эканомія. А лапкі адкуль бяром? 3 лесапасадак. А ў дзялянках усё спальваем? А якая нядбайнасць! Не, такое болей мы не дапусцім. Годзе!

— Правільна! — падаў з месца голас лесаруб Адам Сайкін.

— I за эканомію гаручага возьмемся,— не стрымалася Яніна Калістратаўна.— А то канторскі бензін уласным стаў.

— А што з запчасткамі? Не склад, а двор знаходак,— абуральна заявіў шафер Дзіма Пеўнеў, учарашні салдат.— Табе хоць плач — не дадуць, а з боку кліентаў — і рэсору, і акумулятар.

— Калі шчыра, то і я за перабудову,— заявіла нарміроўшчыца Клаўдзія Пятроўна.— Проста дзіву даешся — за што асобным работнікам налічваюць зарплату.

— Во-во, а я што кажу: перабудова і толькі перабудова. I пачнём зараз жа, не адкладваючы.— I начальнік канторы хусцінкай выцер успацелы лоб, а затым, калі амаль усе разышліся, аўтамеханіку загадаў заправіць ягоную «Ніву» для паездкі ў суботу на падлёдны лоў, а заадно выпісаць рухавік з «ЗІЛа» шэфу з горада. Намеснік атрымаў задание падабраць на новых лесапасадках участкі для нарыхтоўкі хвойнай лапкі, а брыгадзір лесарубаў Петрачэня — спаліць у Борках на дзялянцы ўсё сасновае ды яловае галлё...

Загрузка...