Сабраліся на чарговую нараду галоўны заатэхнік, галоўны ветурач, загадчык лагера, шэсць пастухоў і два начныя вартаўнікі. Пытанне паставілі рубам: «Што рабіць, каб мець зімой і свежую, і кіслую капусту? Калі так пастух і далей будзе пасвіць, то бычкі ўсю капусту з'ядуць».
Выказваліся думкі наконт таго, каб правесці суботнік ці нядзельнік і абгарадзіць капусту... Можна прызначыць яшчэ двух вартаўнікоў-агароднікаў.
Сонца ўсё ніжэй садзілася за лес. Восьвось падменныя пастухі павінны былі прыгнаць бычкоў у лагер. I галоўны заатэхнік, абхапіўшы галаву рукамі, у каторы раз пытаў:
— То як быць, браткі?
I тут нечакана з'явіўся дзед Архіп з яловай жэрдачкай і ўпэўнена сказаў:
— Патрэбны малаток і два цвікі. Каб жэрдачку прыбіць. I — канец выбрыкам бычкоў.
Усе радасна ўздыхнулі: «Во яно, выйсце!»