Абаронца прыроды

У лесе добра: свежае паветра, лагодны ветрык. I стому як рукою знімае.

— Давайце зазірнём на балацянку. Маладую крыжанку прыхопім,— прапануе Яўген Скрыпка.

I вось мы на балацянцы. Вады — з добрае карыта. А ў «карыце» плаваюць дзве крыжанкі. Убачыўшы нас, ля купіны прытаіліся. Маўляў, няма нас тут. Яўген шэпча:

— Падай, Сцяпан, кій!

Але да нас кідаецца чыгуначнік Міхась Верад:

— Не дам качку забіваць! Не дам!

Мы з павагай паглядзелі на яго — во які абаронца прыроды! Пятро Казловіч ажно праслязіўся:

— А мы з ног збіліся, шукаючы дбайнага егера ў заказнік...

Калі вярнуліся дамоў, памочнік ляснічага адразу пазваніў свайму начальніку, што нарэшце знайшоў патрэбнага чалавека.

А Міхась Верад у гэты час скардзіўся жонцы:

— Такую качку, Пелагея, правароніў! Каб адзін быў... А то ж яны на ўсіх хацелі. Во і не даў забіць.

Загрузка...