Перавыхаванне

Задумаў адзін хлопец жаніцца ды браць сабе ў жонкі прыгожую Адарку. Дзеўка яна — што макавая кветка, але гультайка. Таму бацька і кажа:

— Хоць яна і дачка мая, ды браць не раю. Прападзеш, хлопча.

— Не,— гаворыць малады.— У мяне ёсць кот вучоны. Удваіх з ім перавыхаваем яе.

Пажаніліся. Прачынаецца раніцою Змітро і чакае, пакуль Адарка ўстане ды снеданне згатуе. А яна ўсё спіць.

А разам з Адаркаю адлежваецца кот-вусач. Крыўдна стала Змітру за маладую жонку. I на трэці дзень ён кажа ёй:

— Прачынайся, Адарка, будзем ката вучыць есці гатаваць.— I загадвае ёй катавусача за хвост на плячах трымаць, каб лепш яго дубцом лупцаваць.

Раз гэта — па кату, а раз Адарцы па плячах. Кот з усяе моцы крычыць ды кіпцюрамі сваімі за плечы жанчыну дзярэ. А Змітро лупцуе ды ўсё прыгаворвае:

— Гэта за тое, што снеданне не варыў! А гэта за абед, а гэта за вячэру!..

I хоць балюча Адарцы, ды і яна ката лае:

— Так табе і трэба, лайдак!

I так разы тры вучыў Змітро ката есці гатаваць. А на семы дзень вяртаецца з работы і бачыць: на стале і варанае, і смажанае. I пытае ён Адарку:

— А хто ж гэта ўсё нагатаваў?

— Кот, любы, кот! Дайшло да лайдака.

На восьмы дзень запрасіў Змітро цесця ў госці. Ішоў той з неахвотаю: ці ж прыемна сорам мець за дачку-гультайку. Але тое, што ўбачыў бацька на стале ў Змітра, здзівіла. Ён не сцярпеў і спытаў:

— Твая, донька, работа?

— Мая, татусь.

Вось што значыць — у хаце кот вучоны.

Загрузка...