Дружа, урэшце рашыў напісаць гістарычны раман, як колькі стагоддзяў таму назад па нашай рэчцы Сухаструнцы плавалі на чаўнах. Тэма, лічу, новая і мяркую, што ў вашым выдавецтве «Зеляніна» ахвотна прымуць рукапіс.
Юрась КЛЫЧ.
Што і казаць, ты ў нас, братка, заўсёды вызначаўся навізною думкі. Памятаеш, хто б гэта яшчэ мог параіць, калі б не ты: не цукар кідаць у кіпень, а кіпень ліць у цукар. I гэта ў студэнцкія гады! Як здорава!
Рэдактар аддзела «Дарогу маладым» Адам ЗАЦІРКІН.
За падтрымку бясконца ўдзячны. Закасваю рукавы і бяру аловак у рукі. Ім лепей пішацца. Вывеў першыя радкі: «Было гэта дзесяць стагоддзяў таму назад...»
Юрась КЛЫЧ.
Дарагі, разлічвай поўнасцю на маю падтрымку.
Рэдактар аддзела «Дарогу маладым» Адам ЗАЦІРКІН.
Вось і дапісаны апошні радок. Нiбыта тара з плячэй звалілася. Усё — за выдавецтвам.
Юрась КЛЫЧ.
Ад прачытанага ў захапленні! Засталася дробязь. Вышлі толькі адпаведныя дакументы, завераныя пячаткамі, наконт таго, плавалі ці не дзесяць стагоддзяў таму назад па Сухаструнцы на чаўнах.
I раману — зялёная вуліца.
Твой сябра Адам ЗАЦІРКІН.
Дакументаў, зразумела, не аказалася...