Дарагі пляменнік, ты сёлета — выпускнік. Хутка атрымаеш атэстат сталасці.
Куды пайсці, якую выбраць спецыяльнасць,— задача няпростая. Тым болей — з тваёй натурай. Чула, ты ў журналісты падацца рашыў! А ці ведаеш ты, якая ў іх зарплата? Галыцьба галыцьбою. У вечных даўгах. Не, Данілка, не тая гэта прафесія. I ў следчыя не рыпайся. Без юрыстаў мы ў сваім родзе абыдземся. I настаўнікі з адной зарплаты жывуць. Няхай на здароўечка цешацца ёю.
А ты ў мяне адзіны пляменнік, не для таго дзесяць гадоў у школе адседзеў, каб рублі з месячнага заробку лічыць. На гэта і трох класаў хопіць. I сцэнай кінь захапляцца. У зоркі экрана не так проста выбіцца, а быць звычайным артыстам, што наняцца ў дрывасекі. А легкавая машына толькі марай і застанецца.
Гандаль, Данілка! Во дзе ты павінен прымяніць свой талент. Будзеш як сыр у масле купацца. Павер цётцы сваей, загадчыцы магазіна. Усе мне нізка кланяюцца. I настаўнікі, і юрысты, і нават прафесары. Кожны з іх хоча лепшы кавалачак на катлеткі.
На жыццё не скарджуся. I старэйшай дачушцы, і малодшай — кожнай па «Жыгулёнку» купіла. I аб кааператыўных кватэрах паклапацілася.
Не горш за мяне ўладкавалася і другая цётка твая, Аўдэля. Яна — у прамтаварным аддзеле гастранома. Дэфіцытамі направа і налева распараджаецца. Бачыў бы ты дачу яе. Церам у тры паверхі!
Во што значыць, калі жыць з галавою.
Мой старэйшы зяць пра нас нават вершык склаў.
Слухай:
Наш век: якможаш — так жыві!
Рашылі цвёрдагандляры.
Наш век: якможаш — так жыві,
Усё, што бачыш,— пры, бяры.
Са склада, базыі ларка —
Мы з гэтым звыкліся даўно,
Бо хто ж урэжа тут калка,
Калі ўсе разам,заадно.
Ах, родны нягоднік, як трапна заўважыў! Сапраўды, і бяром, калі з розумам, і парука ў нас жалезная. Усе за аднаго, адзін — за ўсіх.
Адсюль і твой, Данілка, выбар — гандаль. Што ні прывоз тавараў, то інстытут на ўсё жыццё, бо размеркаванне дэфіцыту — гэта і праяўленне вынаходніцтва нашых работнікаў, і да зарплаты па дзве даплаты. А спасцігнеш гэтыя навыкі, лічы, дыплом у кішэні і руль «Волгі» ў руках.
3 прывітаннем твая цётка Арына.