Ён жыве ў абласным горадзе. Заязджае да нас толькі тады, калі бывае ў камандзіроўцы. Яшчэ ў парозе звычайна заяўляе:
— Даруй, Іван, не мог, каб не пабачыцца.
Сябру я рады. Званю жонцы. Што ні кажыце, госць з вобласці, абы-чаго на стол не паставіш.
За сталом у нас ажыўлена. Казімір Эдуардавіч хваліць маю гаспадыню, расказвае пра горад, пра свае жыццё там.
Затым яшчэ па кілішку п'ём. I сябрук пачынае мяне дакараць:
— Эх, Іване, не сорамна табе. Гэта ж чатыры разы быу у цэнтры і ні разу не зайшоў. А я так чакаў.
Тут ужо і жонка наступае на мяне:
— Нельга толькі абяцаць: раз чалавек запрашае — абавязкова схадзі.
— Ой, як мы вам, Іванка, рады будзем. Аж тры бутэлькі каньяку цябе чакаюць у халадзільніку.
Даю слова, што заеду.
А праз колькі дзён мяне выклікаюць у вобласць на нараду. Рэгіструе прыбыўшых Казімір Эдуардавіч. Падыходжу.
— Казік, дзень добры. Бачыш, прыехаў. Так што загляну сёння.
Казімір мяняецца ў твары. Крэсла пад ім рыпіць.
— Ведаеш, сёння нельга. Позна на рабоце буду.
Чалавек я не горды: магу і пачакаць.
Але не пабыў я ў Казіміра і ў другі раз. Цешча ягоная прыехала, і ён бядуе, каб вэрхалу не ўзняла.
У трэці раз да яго нейкі таварыш з Мінска прыязджаў. Дык няёмка, сказаў, адчуваць будзе, калі збяромся.
У чацвёрты раз у Казіміра была свая кампанія. У пяты — ён абышоў мяне.
У шосты — цесць прыехаў...
I вось Казімір Эдуардавіч зноў у нас у камандзіроўцы, прыходзіць да мяне, заяўляе ў парозе:
— Іванка, як жыўздароў? Эх і сумаваў! Даўно цябе не бачыў.
Сябру я рады. Званю жонцы...
Сябра мой — усё ж начальнік.