Праўдалюбцы

У нашай спецыялізаванай нарыхтоўчай канторы «Дубовая кара, апенькі, лясныя рогі» ўрачыстасць. Падзея за падзеяй. Нязменнаму яе начальніку Халімону Халімонавічу Сыраежку споўнілася пяцьдзесят. Юбілей. I з нагоды гэтай яшчэ ўранні сакратар-машыністка, Клаўдзія Тарасаўна прынесла букет жывых руж. А ў тых ружах паштовачка і прывітальны тэкст:

«Наш дарагі, наш любы Халімон Халімонавіч! З Днём анёла Вас! I жыцця — яшчэ на сотню гадоў, і сілы маладзецкай, і творчасці юнацкай! Пад вашым мудрым кіраўніцтвам ад прэміі да прэміі нас!

Ура — яшчэ раз ура Халімону Халімонавічу!»

I подпіс: «Ад чыстага сэрца Ваш родны калектыў».

Прачытаўшы гэта, кіраўнік канторы ажно праслязіўся. Якая павага! Колькі любові! Што ні работнік — то добразычліўца. А было ж усялякага, але ўсё роўна любяць.

А ў гэты час, седзячы за сталом, службоўцы вялі такую гаворку:

— I колькі яшчэ можна трываць гэтага Сыраежку? Ні рыба ні мяса. Год-два — і закат нашай канторы.

— Не кажы, братка, целяпень-целяпнём. Рабіць з ім — што ваду ў ступе таўчы. Адна марока.

I канчатковы прысуд:

— Давай ананімку напішам...

Загрузка...