Ружжо падвяло

Жылі сабе дзед ды баба. Раніцою Грыпіна пякла бліны, а Хама чытаў кніжкі пра паляўнічых.

— Куплю, Грыпіна, ружжо! — заявіў аднойчы дзед.

I дзед Хама купіў новую тульскую двухстволку. Павесіў яе ў кухні на цвічок, маўляў, няхай павісіць да першага снегу.

Зіма пачалася рана. Ужо ў сярэдзіне лістапада выпаў снег.

Зборы былі нядоўгія. Мінут праз колькі дзед ужо крочыў лугам. Тут ён заўважыў свежы заечы след і пайшоу па ім. Раптам зпад ног выскачыў заяц. Дзед прыцэліўся. Грымнуў стрэл, за ім — другі. Міма.

Яшчэ падняўшы пару зайцаў, дзед плюнуў і пакрочыў у Альхоўку. Там у знаёмага паляўнічага і купіў зайца.

Бабка Грыпіна не магла нарадавацца паляўнічымі здольнасцямі дзеда.

А дзед Хама пачаў бадай штодзень хадзіць на «паляванне» і кожны раз прыносіў зайца. Грыпіна заўважыла, што дзед ніколі дома не чысціць ружжо. «Мусіць, штосьці тут нячыстае,— падумала яна,— трэба праверыць». I замест ружжа ў чахол паклала кароткую чапялу.

Вярнуўся дзед з палявання, аддаў Грыпіне зайца, а чахол з «ружжом» павесіў на цвік. Тут бабка не стрымалася і запытала:

— Ружжо чысціў?

— А як жа...

— Пакажы...

— Паглядзі...

I што ж тут было! Дзед слова не мог вымавіць. А бабка, доўга не думаючы, пацягнула той чапялой па дзедавых плячах.

Загрузка...