Гара з плячэй

Некалькі дзён запар абмяркоўвалі на праўленні калгаса пытанне аб рамонце дзвярэй і грубкі ў брыгадным клубе, і гэтаму абмеркаванню не было відаць канца.

— Браточкі! — гарачыўся брыгадзір Маламеркін.— Там жа сядзець немагчыма. Асабліва ў марозны дзень. Як, таварышы, дабіцца, каб зачыняліся дзверы? Вось пытанне. А грубка! Дым з усіх шчылін...

— Яна ж — што рэшата! — рашуча падтрымаў яго заатэхнік Хвастоў.— Чаго добрага, яшчэ і клуб спалім. Трэба неадкладна замазаць. Але дзе гліну ўзяць — во праблема. Усё ж пад снегам...

— Ды што гліна! — ускочыў са свайго месца загадчык клуба Балалайкін.— Гліны можна і пад падлогай накапаць, а вось дзе печніка знайсці?

— Як сабе хочаце,— з развагай загаварыў старшыня прафкома Пасядзелкін.— Але я не дапушчу, каб мерзлі члены прафсаюза. Яны рэгулярна плацяць прафсаюзныя ўзносы і маюць права на прыстойныя ўмовы ў культурных установах. Так сказаць, чалавечы фактар. Я да вобласці дайду, а не дапушчу...

Нарэшце пасля працяглых дэбатаў усе члены праўлення прыйшлі да думкі, што па набалеламу пытанню неабходна падрыхтаваць разгорнутую пастанову, у якой прадугледзець падрабязныя мерапрыемствы як па падрыхтоўцы да рамонту, так і па правядзенню самога рамонту. Адносна печніка было вырашана звярнуцца па дапамогу ў раён.

Напісаць пастанову даручылі старшыні прафкома Пасядзелкіну, як найбольш зацікаўленаму. Да позняга вечара ён прасядзеў за сталом у сваім кабінеце, пакуль напісаў і адрэдагаваў тую паперыну.

Калі позна вечарам вярнуўся дамоў, жонка спытала, ці не бачыў ён дзе сына.

— А дзе ён? — пацікавіўся Пасядзелкін.

— Ды з сябрамі накапалi ў падполлі гліны, узялі кельму, цвікі і пайшлі клуб рамантаваць, а то холадна, казалі, у кіно сядзець...

Пасядзелкін уздыхнуў з палёгкаю — у яго нібы гара з плячэй звалілася...

Загрузка...