Фабрыку па вырабу цёплых жаночых хустак ліхаманіла. 3 гандлёвых сетак адзін за адным паступалі жахлівыя сігналы:
— Не хусткі, а коўдры сярмяжныя. Іх палохаюцца жанчыны.
Прыйшло пісьмо і ад бабкі Даркі. «Галубкі мае,— пісала яна вялікімі каравымі літарамі.— Вашы хусткі можна павязаць толькі на маставыя сваі. I то не кожная вытрымае такі цяжар».
— Як быць? Што рабіць? — чулася ў кабінетах.— Хоць бы адзін прыемны сігнал...
I тут яшчэ наведвальнік з сяла. Заявіўся якраз напярэдадні Новага года. I адразу на планёрку да дырэктара фабрыкі:
— Дзякуй, родныя, дзякуй, даражэнькія! Так выручылі, так выручылі!
— За што, чым?
— Ды хусткамі сваімі. Найлепшы матэрыял для ўцяплення дахаў,— і дзядзька паклаў свой пакунак на стол дырэктара фабрыкі:— Гэта вам гасцінцы ад калгаснага прараба Яськова: ягады-чарніцы, сушаныя грыбы.
У дырэктара фабрыкі на твары застыла няпрошаная слязіна:
— Узрадаваў ты нас, чалавеча! Першыя словы ўдзячнасці.