Прэмiя

— А цяпер, шаноўныя мае, трэба назваць прозвішча чалавека, якому па выніках квартала выдадзім першую грашовую прэмію і пуцёўку ў Сочы,— звярнуўся да падначаленых дырэктар фабрыкі Каўнеркін.— Зробім гэта па справядлівасці, калектыўна.

— Качкіна,— пачулася з месца.— Не п'е, не курыць. Лепшы наладчык швейных машын.

— Яно то так, але ж у святле перабудовы не тая кандыдатура. Праз год на пенсію, а мы прэмію,— дырэктар развёў рукамі.— Моладзь абыходзім. А яна — будучыня наша.

— Тады мадэльера Ніну Галубкіну. Спецыяліст што трэба.

— Рана, дарагія мае. Рана. Нядаўна ж у нас працуе. Яшчэ зазнаецца.

— А мо закройшчыцу Яўгаліну Кудзелькіну? Заўжды ў перадавіках, дысцыплінаваная. I план квартальны на тры дні раней тэрміну выканала.

— А муж у яе? У газетцы нас крытыкаваў! Без яе падказкі не абышлося. А мы — прэмію...

Зала прыціхла, зала думала і раптам радаснае:

— Ёсць такі чалавек! Эльвіра Пятроўна!

— Калі ўсе за, то і я не супраць,— сказаў дырэктар.

I Эльвіры Пятроўне Каўнеркінай, машыністцы аддзела кадраў, выдалі грашовую прэмію і пуцёўку ў Сочы. Няхай папраўляе здароўечка. 3 чым шчыра і павіншаваў яе дырэктар.

Чаго толькі не зробіш дзеля любімай жонкі!

Загрузка...