Як дзядзька Лазiк быў грыбнiком

Свой працоўны дзень ва ўстанове Сцяпан Якаўлевіч Лазік звычайна пачынаў з расказаў пра грыбы.

— I сёння вядзерца прынёс. Як на падбор, чорненькія, кругленькія, адзін у адзін.

— Шанцуе ж, дзядзька, вам,— зайздросціў эканаміст Фёдар Яцко.— Пэўна, не адну шклянку марынаваных грыбоў закаталі.

— Ёсць.

— Хоць бы разок паклікалі мяне з сабою,— умаляў эканаміст.

— Не, дружа,— казаў Лазік.— Баравічкі збіраць — не пяром павадзіць. Тут спрыт патрэбны ды і з пеўнямі ўставаць...

— Устану, толькі вазьміце.

— Размовы адны,— узяўшы за плячо таварыша, кпіў Сцяпан Якаўлевіч.— Не дабудзішся.

...На гэты раз у нядзелю раніцою сабраўся ў грыбы і Фёдар Яцко. А восьмай гадзіне ў лес прыйшоў. 3 кошык набраў. I рыжыкаў, і зялёнак, і беленькіх некалькі падняў. Так што настрой быў цудоўны. I рашыў эканаміст па дарозе збочыць да Сцяпана Якаўлевіча. Надта ж карцела пахваліцца і заадно паглядзець, колькі набраў бухгалтар.

Сустрэла Фёдара Яцко гаспадыня, жонка Лазіка.

— А вы малайчына, Фёдар. Гэтулькі набраць!

Яцко аж пачырванеў:

— Што я, вось ваш, пэўна, з пуд прынёс?

— I не сорамна вам, маладому, са мною жартаваць. Мой Сцяпан у лес пойдзе? Кавянёю не вытурыш туды. У яго ж ногі баляць.

— Як жа так?! — разгубіўся Яцко.— А дзядзька Сцяпан казаў, што...

— Па дзве карзіны носіць,— закончыла Дар 'я Адамаўна.— Хлус стары.

Жанчына паказала на спальню. Яцко нясмела зазірнуў.

Шырока раскінуўшы рукі, на ложку хроп Сцяпан Якаўлевіч. Нешта мармытаў. Фёдар прыслухаўся. Пра грыбы...

«I гэтага, гэтага браць можна... Мяшок!.. Усё пабяру, усё...»

— Толькі ў сне ён збірае грыбы,— уздыхнула Дар'я Адамаўна.

Загрузка...