— Яшчэ не нарадзілася тая жанчына,— хваліўся Гайкін,— з якой бы я не пазнаёміўся. У мяне на гэта талент.
Аднойчы нам выпала ехаць у горад у камандзіроўку. Ехалі аўтобусам. На адным з прыпынкаў у аўтобус зайшла прыгожая жанчына, уся — сонейка летняе, уся кветка веснавая.
Я тузануў у бок Валянціна. Той узняў галаву, залыпаў вачамі і нібы аслупянеў.
А незнаёмка, як ні ў чым не бывала, села наперадзе нас. Дастала кнігу.
Валянцін нахіліўся да мяне і шапнуў у вуха:
— Іду на знаёмства, назірай і вучыся. Бясплатна, ёлупень, урокі даю...
Кашлянуў і ўжо да незнаёмкі:
— Дазвольце пазнаёміцца, а што мы чытаем?
Жанчына нібы і не чула яго.
Аднак сябра не збіраўся капітуляваць. Змяніў толькі тактыку.
— То кажаш, Эдзік, французскія жаночыя чаботкі і бельгійскую футру табе што плюнуць дастаць? Тады прымай ад мяне заяўкі.
I гэта не падзейнічала на нашу суседку.
Тут Валянцін пачаў пра свае паляўнічыя трафеі фантазіраваць. Гэта ж заўчора чырвоную лісу дабыў, а ў мінулым месяцы двух янотаў узяў. Пашанцавала яму і на норкі. Было б толькі каму,— любую шапку можа пашыць.
I зноў нуль увагі. I Валянцін Валянцінавіч, вярнуўшыся да мэты паездкі, з горыччу зазначыў:
— Ах, тэты белы лубін! I куды толькі збыць насенне! Лежань лежнем на складзе ляжыць. Атрымаем у вобласці па вымове.
— А дарагія, а родныя вы мае! — звярнулася да нас незнаёмка.— Ды я ж вас расцалую за такую навіну.
Я паспеў прачытаць на вокладцы яе кніжкі «Бялковыя культуры і іх роля ў кармавым балансе дойнага статка».