У нашай канторы «Прас, барана і гэблік» — вэрхал. Раніцою пазванілі, што на базе «Праса, бараны і гэбліка» намечана правесці абласны семінар рацыяналізатараў. Трэба падрыхтавацца, трэба выступіць і з веданнем справы расказаць, што і як мы ўкараняем.
Дырэктар паклікаў мяне.
— Пятро Пятровіч! — кажа ён.— Ты ў нас першы рацыяналізатар. Табе і карты ў рукі. Як i належыць у перабудову — табе поўная самастойнасць. Прымай гасцей і выкладвай усё як мае быць...
Для мяне тэта прызнанне заслуг на ніве рацыяналізацыі. Я аўтаматызаваў прас: націскай на кнопку, і ён гарцуе сам па кашулі.
Удасканаліў і гэблік, прыладзіўшы маторчык ад бензапілы.
Ажно на шэсць зубоў прыбавіў у баране.
I вось госці з усёй вобласці ў нас у канторы. У зале адпачынку і творчасці расселіся ў крэслах — і ўся ўвага. А я пра свае вынаходніцтвы ім і расказваю, на эканамічныя выкладкі націскаю. I чую, чую, як шэпчуцца госці:
— Ну й галава ў чалавека! На руках такога насіць, у прэзідыумы садзіць...
А ў перапынку кожны сціпла паціскаў мне руку. Затым была прапанова калектыўна са мной сфатаграфавацца.
А вечарам зноўку засядалі. 3 прэзідыумам. 3 уручэннем памятных сувеніраў. О, колькі слоў было ў адрас кіраўніцтва і, перш-наперш, дырэктара за рацыяналізацыю!
Не было толькі ў прэзідыуме мяне. Ды і ў зале не знайшлося месца — давялося стаяць.
Я болей тут быў нікому не патрэбны. Усе чакалі вячэры, а там ужо кіраваў дырэктар...