Вельмі прыемна, што вы — чалавек, якому пазаўчора стукнула ажио восемдзесят гадоў, пішаце вершы. Ведаеце, у такім узросце іншы ляжыць на печы і грэе плечы. Яшчэ нат цёплым кажухом накрываецца. А калі што не так, вэрхал узнімае, нявестку даймае, што чай халодны. Бачыце, падавай яму гарачы. Стары чалавек, а капрызнічае. Не гожа гэта. Так і хочацца пры ўсім сумленным людзе пасароміць. Але прашу прабачэння, крыху адхіліўся. Завалілі гэтыя селькоры газету пісьмамі, а ты сядзі і разбірайся з імі. Мо думаюць, у мяне іншай работы няма. Добранькі і вы. Восемдзесят гадоў, а ў рыфмы словы гоніце:
«Вып'ем, сябры, у свята па шклянцы
Ды яшчэ нальём...»
I не сорамна вам. Хочаце пісаць вершы, пішыце! Калі ласка! Гэта ніхто не забараняе. Ды і наша газета тады-сяды адводзіць ім месца на сваіх старонках. Але пра што пісаць? у старэчым узросце толькі пра кефір ды ўнукаў.
Чуў я, што гэты малочны прадукт маладзіць чалавека. Няма кефіру — апявайце звычайную маслянку. Чэснае слова, ніхто за гэта вам заўвагу не зробіць.
А ў вас? Усё наадварот. Стары чалавек, у якога ўжо і праўнукі, пра выпіўку ў газету допісы шле. I глядзі ты, мала з яго адной шклянкі, другую просіць. Я вунь на колькі маладзей і то без закусі гэтулькі не вып'ю. 3 ног зваліць.
Па праўдзе, я мог бы і згадзіцца з першым радком. Ці грэх, ці смех — няхай бы і чарку выпіў стары чалавек: колькі там таго жыцця засталося. Тады абавязкова ў другім радку патрэбна было б штосьці сказаць пра сёлетнія гуркі і пеўня смажанага. Я толькі што адведаў яго. Закусь — тая яшчэ!
Можна ў рыфму загнаць і юшку рыбную. Надоечы гэта я сам цэлую міску высербаў.
Не, верш у такім варыянце не пойдзе. 3 павагаю рэдактар перасоўнай насценнай газеты
Рыгор АПЕЧКА.