А мы сад садзiлi...

У нашым доме восем кватэр. У нашым доме восем мужчын. I ўсе, як на падбор. Не больш трыццаці пяці кожнаму. Жывём у доме восем гадоў. Вы нас часта бачыце. Мы ўвечары заўсёды на двары. Усё стаім і раімся, як сад садзіць. Аграном Андрэй кажа:

— Трэба яблыні і грушы садзіць. Няхай забаўляюцца дзеці яблыкамі.

Пчаляр Пятро прапануе яшчэ ліпамі двор абсадзіць.

— Цудоўныя гэтыя дрэвы,— гаворыць ён.— Iх дзяды і прадзеды нашы любілі.

Урач Сцяпан гарой стаіць за вінаград. Столькі ў пладах яго глюкозы.

Мы раімся, усё спрачаемся. Усё вырашаем, калі лепш засадзіць наш двор дрэвамі: ці восенню, ці ўвесну?

На нас з замілаваннем глядзелі нашы жонкі.

— Столькі размоў!

— Ой, не кажы, суседка. А хіба летась менш было?!

— А пазалетась?..

— А пяць гадоў назад?

— А восем?..

Дзіўныя гэтыя жанчыны. Не разумеюць, што тут усё патрэбна прадумаць. Як у той прымаўцы: сем разоў адмераць, а адзін — адрэзаць.

А вясна імкліва ідзе. Раніцой звонкай песняю заліваюцца шпакі.

— Абавязкова на ліпах шпакоўні паставім,— гаварыў Пятро.

— I на чарэшнях.

— I на яблынях і грушах.

А вясна не чакае. Растуць, набухаюць пупышкі. Ім цесна становіцца, яны хочуць выкінуць першыя лісткі.

Учора зноў мы стаялі на двары. Быў суботні вечар. Андрэй аўтарытэтна заявіў:

— Позна, браткі, ужо садзіць.

— Ды восенню і лепш,— дадаў Сымон.

Загрузка...