У апошні час я стаў заўважаць, што Настуля мая ў свае трыццаць гадоў самай прыгожай кветкай расцвіла. А яшчэ, што ў яе на службе з'явілася ажно некалькі паклоннікаў. І галоўны інжынер Язэп Бабкін прама вачамі есць, і загадчык аддзела Пятро Яхновіч заўжды на абед запросіць, а ў дзень Восьмага сакавіка эканаміст Эдуард Пiнчук абавязкова букет кветак уручыць.
I шэф наш стаў маю жонку ў прыклад ставіць. 3 чаго б тэта?
А ўзяць бухгалтара Гузіка? Раз-пораз да яе ў кабінет заходзіць. То пра новае выданне Ясеніна спытае, а то хто з сённяшніх маладых артыстак — першая зорка. Маўляў, нібы мая жонка адзіная ў нашай канторы знаўца.
А нядаўна заходжу да жонкі, а ў яе сядзіць намеснік загадчыка аддзела Змітро Змітровіч і райскай птушкай заліваецца. «Настасся Міканораўна, паверце толькі мне,— шчабеча гэты саракапяцігадовы халасцяк,— вам гэта сукенка надзвычай да твару. Вы мадонна нашай бурнай эпохі».
Урэзаць бы яму аплявуху? Ды, чаго добрага, за хуліганства яшчэ прымуць? А я ў свае трыццаць пяць гадоў — мужчына ўраўнаважаны. Не, гэта не тыя меры.
А ўчора, верце не верце, ажно сэрца ледзь з грудзей не вырвалася. Мая Настуля гэтаму лысаму абармоту гальштук выбіраць ва універмаг хадзіла.
— Дакуль такое будзе? — пытаю.
А жонка як ні ў чым не бывала:
— Хіба то жанчына, на якую не звяртаюць увагі?! Ці па густу табе такая?