Перарадзiўся

У Андрэеўку нашу Эдуард Цімафеевіч Гузік з'явіўся са сваёю маладою жонкай Алінай Агапаўнай на прадвесні. Ён — егерам, яна — ветурачом. I паколькі ў яго знаёмых не было — то першым, з кім сышоўся Гузік, быў я. I такавішчы паказаў яму, і азёры, дзе ладныя акуні бяруцца.

А заадно дапамог уладкаваць у садзік яго дачушку, знайшоў работу для жонкі.

Эдзік тады не раз казаў мне: «Даруйце, Максім Максімавіч, нават не ведаю, як аддзячыць вам». Ластаўкай шчабятала і яго Аліна: «Вы дабрадзей наш. Тысячу пацалункаў. Кватэра наша — ваша кватэра».

За Эдзіка я быў старэйшы. Меў пэўны вопыт. I лічыў сваім абавязкам дапамагаць яму. Мне прыемна было з ім па восені падстрэліць качура-крыжака, а па першай парошы па зайцу-шараку пальнуць. Сумеснае паляванне яшчэ болей нас зблізіла.

А гады ішлі. Эдуард Цімафеевіч стаў ляснічым, да яго стала прыязджаць начальства з райцэнтра.

Памажнела і Аліна Агапаўна. У галоўнага ветэрынарнага ўрача саўгаса таксама завяліся новыя знаёмыя. Усё часцей да іх стаў заязджаць сам ветэрынарны ўрач раёна. То па рабоце, то на смажанага зайца, а то і проста час пабавіць. За фаршыраваным шчупаком, духмянай юшкай. Надаралася, што сябра мой прывозіў яго на ўласнай «Волзе», якую я яшчэ раней дапамог яму купіць.

I чым больш з'яўлялася новых знаёмых у Гузікаў, тым менш яны сталі заўважаць мяне. Ці на рэчку едуць — забудуць узяць, ці ў райцэнтр — то абавязкова аб'едуць. А заўчора праехалі міма, новае паліто мае пафарбавалі дарожнай граззю. I... не заўважылі.

Загрузка...