МАНАЛОГ ЛЮДМІЛЫ СЕЧКІ, РАЗВЕДЧЫЦЫ АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА


Мяне даўно як быццам пахавалі.

Я ж засталася ў любчанскіх барах.

Стаю сасной, мядзяная, жывая,

А побач даўні — партызанскі шлях.

Зарос травой ён. I даўно ігліца

Заслала ўсе сляды. А я жыву.

Сякуць дажджы каля магільных плітаў

Матуліну сівую галаву.

Я не магу сказаць ёй ані слоўца.

Галінкай хоць пастукаць па акне,

Паслаць кагосьці, як калісьці. з хлопцаў

З наказам: «Не турбуйся пра мяне!»

...Не турбуйся, мая матуленька,

Маладая мая зязюленька.

Мая светлая ты зараначка.

Ты ж сама ў мяне партызаначка.

Па лясных і цябе дарожаньках

Неаднойчы вадзілі ножанькі...

— Мама, хопіць пяшчотаў!

Я ж не маленькая, што ты

Плачаш, не адпускаючы,

Рукі свае ламаючы.

Хлопцы ў атрадзе харошыя,

Ніколі не крыўдзяць мяне.

Праўда, часам Сярожка,

Нахабнік такі, падміргне,

І то, як другія не бачаць.

А ўбачаць — добра дадуць!

...Ну што ты, мамачка, плачаш —

Хлопцы не падвядуць...

*

Мне здорава тады пашанцавала.

За камсамол не расстралялі каты.

Як быдла, нас з сяброўкамі загналі

У эшалон фашысцкія салдаты.

Замкнулі і павезлі ў шлях няблізкі,

Куды вязуць — дарэмнае пытанне.

Грукочуць колы. На руках вятрыскаў

Ляцяць за памі родныя світанві.

Няўжо яны, нібы прывіды, згаснуць

Сярод чужых дарог, у горкім дыме?

О, як раптоўна-востра спасцігаеш

Сапраўдны твой, глыбінны сэнс, Радзіма!

Праменні сонца ў холадзе крыніцы,

Аер духмяны на скарынцы хлеба.

Збан малака. Замшэлая званіца,

Што мне здавалася ў дзяцінстве небам.

Смех бесклапотны на сабраным стозе...

...Чужына блізка. Вось, за паваротам...

Кроў на руках... Адтуліна ў падлозе...

Халодна, Цёмна. Смерць або свабода?

*

У камісара атрада

З камандзірам нарада.

Неўпрыкметку стаю ля зямлянкі.

Спрачаюцца да хрыпаты:

— Жанчыну — у партызаны?

— Што ж — выгнаць яе? Куды?

Ад крыўды вусны кусаю:

Забылі вы, колькі лясамі

Хадзіла я сувязной?

Чую амаль варожае:

— Дзяўчына такая прыгожая

Адна сярод хлопцаў? Вясной?

Рашылі яны нарэшце

(Рашаць было — гэткай бяды!),

Што мне назад, у Чарэшлю,

Нельга ісці сапраўды...

*

На паляне — туманы ціхія,

Пасля бою раны глядзім.

Пад адхон эшалон спусцілі мы,

Гарнізон разграмілі адзін.

...Сечка, два крокі са строю!

Ізноў у бой — упярод?

Хопіць у нас герояў,

Бачыш, які народ?

Ізноў падняла ў атаку,

Лезла ў пекла, як чорт?

...Чаго каштавала так мне

Быць з вамі плячо ў плячо...

А тут шчэ вымову гэткую

Табе нізашто дадуць.

I зараз ісці ў разведку,

А ногі, здаецца, не йдуць...

Хлопцы, каму праз Чарэшлю?

Зайдзіце ў маё падстрэшша,

Скажыце матулі, што ночку

Спакойна праспала дочка.

*

Разведка — што востры ножык.

Саслізне — і ў крыві рука.

Душа ў калючках, як вожык,

Ды ямачкі на шчаках:

«Чаго іду па гораду?

Ды вёска мне агорала!

Прадам на рынку гавяду —

Сукенку шоўкаву знайду,

Як гляну з боку правага —

Ссушу цябе, чарнявага!

Нашто такога хмурага

Трымаць на службе ў фюрара!»

Душа ў калючках, як вожык,

А ямачкі на шчаках...

*

...Разамлела на сонцы,

Лягла на жывот,

У суніцах духмяных

I рукі, і рот.

Што ж, вайною — вайна,

А жывому — жытло.

Хоць памарыць аб тым,

Чаго не было...

...Недзе, у травах росных,

Плывуць у тумане стагі.

Сэрцу становіцца млосна

Ад ціхіх слоў дарагіх.

Кашуля ў чырвоных крыжыках,

Усё гарачэй, гарачэй...

Нясмелае, кідае ў дрыжыкі:

«Ідзі да мяне. Хутчэй».

Ад усмешкі тваёй

Да ўсмешкі жыву.

Але горда трымаю

Сваю галаву.

Утрымаю і сэрца

Няўрымслівы стук,

Упадзе, разамкнецца

Бярэмя рук.

«Не спяшайся, Людміла!»

Я ж прайду, як струна.

Ды ўсё міма, ды міма,

Адна і адна.

...Хай закончыцца, любы, вайна...

*

У суніцах зямля —

Ляжы ды ляжы!

Толькі ўскрыкнула раптам —

Побач — чужы!

«Дабрыдзень, Людачка,

Мая ты вутачка,

Дарма ты грэбуеш,

Што паліцай!

Дабром ці сілаю,

А пойдзеш, мілая,

Ці да гестапа ты,

Ці да вянца».

У вачах маіх лес

Пацямнеў, пацямнеў...

А нашто, прыгажосць,

Ты дасталася мне?

Для чаго тыя косы

I сінь у вачах,

Калі гэты, бялёсы,

Ад іх не ачах,

Калі порстка за мною

Ламае кусты?

«Памажыце, бярозы,

Дубочкі-браты!»

За спіною ўжо крык:

«Так і гэтак тваю!

Партызанская... ты,

Стой, іначай заб'ю!»

Толькі мне памагаў

Ні то бог, ні то лёс —

Маю кулю спаткаў

Ён ля белых бяроз...

*

Зямля мая мілая, ты

Мяне ў азяры прапалошчаш,

Пасцелеш пад бок чараты,

Пад голаў верас паложыш.

I ціха пачнеш гайдаць,

Шчыльней абгарнуўшы ватоўкай,

Галінкі сасны, як дах,

Над маёй вінтоўкай...

Адзін шчаўчок — і няма

Фігуркі людской у прарэзе.

А я забіваю, ма,

I рукі мае — у жалезе,

I ў дыме парахавым,

I ў аружэйным масле,

Мне ж хочацца пахнуць жывым,

Як пахне жанчына-маці,

Калі, спелянаўшы дзіця,

Ідзе лугавою сцежкай,

I кружыць над некім бацян

З новай ношай-пацешкай.

...Была мке вайна — гульнёй,

Рамантыкай тая разведка,

I смерць была — за сцяной,

I страх перад ёю — рэдка.

Ах, мамачка! Тая — яна

За тры гады пасталела

I зразумела — вайна

Будзённае, страшнае дзела...

*

Чырвоная хусціначка,

Гітара у руках.

Наперадзе — сцяжыначка

У мой апошні шлях.

Заснежанаю пожняю

Ізноў у бой іду.

У гэты бой апошні мой,

У маміну бяду.

Перабіраю струны я,

I слухае атрад.

...Няўжо, такая юная,

Я не прыйду назад?

Пад вёскай Лугаманічы

У грудзі — разрыўной,

У тым баю астанецца

Каханы мой — са мной.

*

Хацелі ворагі распяць мяне,

Мёртвую, на крыжы,

Каб партызанскія вёскі страшыць...

Кінулі, голых, у лёд і снег,

Толькі снег і лёд растапіліся,

Перад намі зямля расступілася...

Гэта ворагаў косці струхлелі, нібы

Порхаўкі пад нагой.

Сябры ж мае — волаты ў лесе, дубы

Адзін да аднаго.

Ківаюць мне: «Сасоначка,

Ну як жывеш, сястроначка?»

А я кажу: «Зязюленька,

Сядзь на плячо, кукуй.

Пазнае мо матуленька

Ува мне сваю дачку?»

А вецер мне кажа: Закон такі

У мудрай прыроды ёсць —

Не пазнае маці ў табе дачкі,

Як не кончыцца ў цябе маладосць,

I толькі тыя, што са святлом

Па дарозе сваёй прайшлі,

Застануцца дрэвам, аблокам, сцяблом

Жыць на Зямлі...

Загрузка...