Расквечана ружова-сінім неба,
Рамонкі ўвысь пялёсткі узнялі,
А гэта значыць — прыгажосць патрэбна
Усяму жывому на маёй зямлі.
Зямлі, што спавівае нас туманам,
Сячэ завеяй, сцюжаю пячэ,
Дзе мы жывём так многа і так мала,
Жадаючы бясконцага «яшчэ».
Свет мітусіцца, быццам у гарачцы,
Нясуцца над планетай спрэчкі, свіст;
...У ціхай рэчцы між кустоў гарлачык
Кладзе галоўку на зялёны ліст.