Матуля, цябе не помню я —
Ні ласкі тваёй, ні жалю...
Смяецца з магільнага помніка
Жанчына чужая...
Ды кажуць бабы вясковыя:
«Аблічча ў аблічча!»
Можа, не выпадкова мяне
Марусяю клічуць?
Мне маладзік падковаю
Вісіць над сцежкай.
Можа, не выпадкова я
Жыву з усмешкай?
Ці ж я без племені?
Свой сум хаваю.
У жанчыне кожнай
Цябе адкрываю.
Можа, не выпадкова мне
Здаецца прадвеснем
Песенька жаўруковая
Тваёй песняй?
*
Мы сталі з табой равесніцы.
Адной і далей мне жыць.
Цяпер ужо стукнуць весніцы,
А сэрца не задрыжыць.
Нарэшце яно паверыла,
Што з цёмнай тае начы,
Любая, ты не вернешся —
Крычы на ўвесь свет — не крычы.
Даўно, як мяне насіла
I светлага лёсу прасіла:
«Хай будзе дачка прыгожай,
Чыстаю, як крынічка,
Хай знойдзе хлапца харошага
Малая мая сунічка».
Адвечныя матак замовы!
I я гавару тыя словы,
I аднаго баюся — адзін
Сіратой каб не вырас мой сын.
Я сама расла сіратой.
Тэлеграфны завулак. Гродна.
I дзяўчат гаманлівы строй,
Не адразу мне стаўшы родным.
Я там доўга была дзічком,
Сярод белых качак — сініцай.
Кволым, тоненькім кулачком
Ад напасцяў хацела адбіцца.
У салёных слязах, адна,
Дрыжучы, як стрэлкі на шкалах,
Колькі сонных начэй да відна
Маці я з небыцця гукала!
I, напэўна, ўжо з тых часоў,
Жывучы па дзетдомаўскай мерцы,
Боль надзей і гаркоту слоў
Адкладаю глыбока ў сэрцы.
*
Не маглі адагнаць нас ад вокнаў,
Хаця кожны ў даўцы войкаў.
Навіна сапраўды была дзіўнай:
Адшукалася маці у Дзімкі.
Кожны ведаў — у дзетдоме сакрэтаў няма,
Што прынесла яго нам на ганак зіма,
У шыбу грукнуўшы, знікла ўначы назаўжды,
I імгненна змяла завіруха сляды...
...Цыбаты хлапчук з падрапаным носам —
Сцеражыце, дзяўчаткі, хвосцікі-коскі!
Быў наш Дзімка занадта ў школе вядомы.
Гаварылі ўсе: «Ведама, хлопец з дзетдома!»
Толькі нехта падслухаў з нас нечакана,
Як, пакрыўджаны, ціха ўсхліпваў ён: «Мама!»
Мамы, мамы... Успомніць пра вас было грэшна.
— Гэй ты, румза! — крычалі сяброўкі з насмешкай
I ўсё ж па начах, у бяздоннай цішы,
Кожны гэтым грашыў.
Насмешнікі і задзіры,
Ішлі мы цераз гады
I марылі, як аб дзіве,
Што прыйдуць маці сюды.
Што сотні дарог яны пройдуць,
Паўстануць хоць з небыцця,
Толькі тая не вернецца,
Што кінула ноччу дзіця.
...А яна вось прыйшла да сябе яго зваць.
Дрыжучы, спрабавала пацалаваць.
Гаварыла — цяпер адна.
Той, даўнішні, цяпер пакінуў.
Гаварыла, што ў горкіх снах
Трызніла аб маленькім сыне.
Што хацелася шчасця тады,
У маладыя дурныя гады.
...Мы таілі дыханне за шклом,
Мы судзілі істотай адзінай
З бескампрамісным дзіцячым злом
За сябе, а потым за Дзімку.
Віншавалі яго і сябе
Мы пасля: «Вось як трэба трымацца!»
Толькі ён праз нядзелю збег,
Напісаўшы: «Еду да маці».
...Тою ноччу дзетдом не спаў.
Мы рашалі няўмольна і строга,
Што ніхто нам права не даў
У жыцці вырашаць за другога.
*
Ленка, можа, не ўспамінаць?
Толькі нельга не ўспомніць гэта:
Што зрабіла з маці тваёй вайна,
Чорным дротам спавітае гета?
Хто над ёй медынынай грашыў —
«Хіба людзі яўрэйкі розныя?»
Чорным дротам вайна на душы.
Чорным дротам яна па розуму.
Толькі сэрца ў яе не закуць.
I прыходзячы ў свядомасць,
Аднаго прасіла: «Дачку!»
I цябе забіралі з дзетдома.
На гадзіну ўсяго. Без паперкі.
I сачылі маўкліва дзеці,
Як вярталася ты з цукеркай,
Што яна даставала недзе;
I, напэўна, ужо тады
Цераз гурбаў жыццёвых снежнасць
Я панесла з сабой праз гады
Мацярынскай любові бязмежнаспь.
*
Я панесла з сабой у гады
Сум — тугі і няўмольны — па маці.
Прагу — быццам глытка вады —
Кволых цёплых ручак дзіцяці.
Каб аддаць яму я магла
Усё, па чым сама сумавала.
Каб хапала яму цяпла,
Бо ў мяне было яго мала.
Каб нашчадкі мае назаўжды —
Мае дзеці і дзеці сына —
Праз свае пранеслі гады
Слова маці, як «бацькаўшчына».
На зямлі сёння — слёзы і кроў.
Паўпланеты ў атамным зудзе.
Слову гэтаму біцца ў шторме вятроў.
Але хай яно вечна будзе!