БАЛАДА ПРА ЛІЛЕЮ


У краі азёрным,

Дзе чэрвень духмяны

Абсыпаў суніцамі

Бор і паляны,

А дзеўчыны ў Нёман

Кідаюць вяночкі,

Расла я у бацькі

Адзінаю дочкай.

Казалі ўсе: «Рэчка

Плыве, не мялее,

Няма за цябе

Прыгажэйшай, Лілея.

Ды толькі і рэчку

Затопчуць, замуцяць,

Паны, як убачаць —

Загубяць, закруцяць».

Касу завязала

Істужкаю сіняй.

Сама ўпадабала

Ды панскага сына.

Ох, чэрвень ты, чэрвень,

Бяссонныя ночы!

Ад любага бегчы б,

Ды сэрца не хоча...

«Наш род каралеўскія

Меў прывілеі!

Пакінь майго сына,

Ты чуеш, Лілея»

Мой любы, твой бацька

Кляне і шалее...

«Чакай мяне сёння

Пад вечар, Лілея!»

Стаяла, чакала,

А сэрцам ляцела,

Нібы ўпершыню

На свет божы глядзела.

Спускаўся над долам

Задумлівы вечар.

А хто папіхнуў

Мяне ззаду за плечы?

У вір паляцела

I быццам растала...

Бялюткаю кветкай

На рэчцы я стала...

Як доўга кашуля

Пад дубам бялее,

Як доўга твой крык:

«Адгукніся, Лілея!»

За слова адно —

Усё, што маю і мела!

Ды я анямела,

Ды я анямела...

Праходзяць стагоддзі,

I рэчка мялее,

Я ж чую адно:

«Адгукніся, Лілея!»

Загрузка...