Вы думаеце, я не сплю начэй?
Вы думаеце, я па ім гарую?
Прымаю проста ісціну старую:
Пайшоў — дык забываць яго лягчэй.
На лекцыі з сябрамі ідучы,
У шумным перапоўненым трамваі,
Хвілінай летуценнай уначы
Яго я забываю, забываю...
Не дапускаю да сябе нуды:
Ад спраў, званкоў і тлуму ледзь жывая!
Праходзяць месяцы. Ідуць гады.
А я ўсё забываю, забываю...