МОЙ ГОРАД


Л. Шайкоўскаму,

першаму сакратару

камсамольскай арганізацыі

ў Гродна

Жыву я ў гэтым горадзе,

Свой адкрываю Сусвет,

I зорак далёкіх горыч,

I дом, дзе жыве сусед.

У радасці і у горы,

У дождж, спякоту ці снег,

Я адкрываю свой горад,

У якім жылі да мяне...

*

Ранак ціўкнуў першай сініцай,

Першым крокам змены рабочай.

Чалавеку ж усё не спіцца,

Ён бяссонна па вуліцах крочыць.

I ў ранішняй чуйнай цішыні

Кожны камень ледзь чутна звініць.

Камень, вышчарблены часам і дажджамі,

I ўспаміны на вусны просяцца самі...

Пачынаўся жыццёвы дзень

Вось тут — у старой Слабадзе.

...Уліваецца плач пахавальны

У адвечны віскат дзяцей.

I на плечы каменні навальвае

Кожны новы галодны дзень.

Ён падрос і тады зразумеў,

Што не самае страшнае — голад.

Што страшней духоўна знямець,

Калі хочацца крыкнуць уголас,

Калі стыне ў глотцы праўда

Камяком халоднай ілжы.

Чалавек, без адвечнага права —

Права вольнасці — можаш ты жыць?

*

На ўсіх скрыжаваннях вісела: «Свабода!

Свабода ў нас для народа!»

Свабода друку? Што ж, давайце!

Пісалі ярасна шпікі,

I былі словы, як цвікі,

Што ў дамавіну забіваюць.

Усё, што лепшага наўкола —

Свабода, шчырасць і пратэст

Скажаліся ў судовы тэкст,

Заносіліся ў пратаколы.

Свабода слова? У астрогах —

У Слоніме, Лукішках, Гродна

Забітых аддавалі родным

I дараваць прасілі ў бога.

О правакатараў разгул!

І ўсё ж народнага сумлення

Нястрымнай прагай вызвалення

Даносіўся падземны гул.

*

Супраць плыні — вёслы на ўключыны.

А бязвольнага плынь панясе.

Як ішлі яны ў рэвалюцыю!

Як у казку нязнаную — ўсе.

I Пышкі*, як сцяжкі зялёныя,

На кашулях лёс вышываў.

Дэфензіва над кожным — праклёнамі,

З дзесяці адзін выжываў.

I ўсё ж у сценах астрожных,

Захлынаючыся ў барацьбе,

Усё гучала неасцярожнае,

Непадсуднае — КПЗБ!

У вузкіх вуліцах гродзенскіх білася

I гудзела, як грозны набат,

I не ўпітвалі кроў забітых

Пліты з надпісам «Магістрат»...

Узышоў над краінай распятай,

Як промень, трыццаць дзевяты...

*

Цішыня на світальных вуліцах,

Толькі сэрца агнём гарыць.

Вось да клёнаў прымоўклых туляцца

Маладосці ягонай сябры.

I блішчаць на далонях скутых

росы цёплыя, як сляза.

Выжыў ён. I прайшоў скрозь пакуты,

Каб патомкам пра іх расказаць...

Сваёй прыналежнасцю гордыя

Да няскоранай гэтай зямлі,

Адкрываем мы новы горад,

У якім да нас жылі...

* Пышкі — лясны масіў, дзе збіраліся падпольшчыкі.

Загрузка...