* * *


Маё жыццё цяпер — адно чаканне.

Час доўгі і цяжкі, нібыта камень.

Над Нёманам бярозай гонкай стыну,

I шэрань неба лістапад накінуў

На плечы мне. I рве мяне за рукі.

Лісты — апошнія вясны дарункі

У сіні холад Нёмна ападаюць.

А як было мне цёпла так нядаўна!

Было свабодным неба і высокім,

I, веснавым напоўненая сокам,

«Кахаю!» — я спявала над абрывам.

А можа, гэта ўсё было парывам?

А можа, мне цяпло адно здалося,

Была і ёсць на свеце толькі восень

I буркатанне вербаў шэра-дымных:

«Навыдумляюць нешта маладыя!»

...Задоўга не раблюся я дарослай,

Ва ўсіх учынках холадна-цвярозай,

I шчодрасць мая, розумам не ўзважаная,

Магчыма, стала для цябе не важная?

Якое невыноснае чаканне

Твайго званка, твайго ліста, дыхання!

Дрыжу на ветры злосным да камля...

А ногі ціха грэе мне зямля...

Загрузка...