ЛІЛІТ


Не Ева — Ліліт была першай

Жанчынай і жонкай Адама.

Яна для каханага вершы

I нават паэмы складала.

А вечарам, як стамляўся

Жвавы агонь у пячоры,

Доўга, бывала, не ляжа —

Глядзіць і глядзіць на зоры.

I што зусім абурала

Адама, адзінага сведку, -

На свежых гаршках малявала

Агністыя райскія кветкі.

«Нашто табе кветкі тыя?

Ад кветак гаршкі не мацнеюць!»

Адкіне кудзеркі густыя:

«А людзі ад іх разумнеюць!»

Быў першы развод не гучны...

Бог шкадаваў мужчыну:

Сам ляпіў, як падручны,

З ягоных рэбраў жанчыну.

Ева была пакорай —

У простых гаршках варыла,

Дзяцей гадавала, пра зоры

Ніколі не гаварыла.

А толькі Адам начамі

Хадзіў блукаць у тых далях,

Дзе песні Ліліт гучалі,

Гойдаўся човен на хвалях.

Па сёння яму ўсё сніцца

То росны слядок, то спевы.

Па сёння Адам мітусіцца

Паміж Ліліт і Евай...

Загрузка...