ЗАБЕЛЛЕ


Паміж азёр, як ветразь карабельны,

Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле.

Шумяць вятры жытамі навакол,

Пяюць у чарацінкі азярныя.

Жанкі пасля даення рукі мыюць,

I пахнуць луг і поле малаком.

I там маё дзяцінства засталося:

Русалка, распускаючы валоссе,

Над возерам сядзела на вярбе,

Прываблівала хлопцаў да сябе.

Яны ўжо, раскрываючы раты,

Збіраліся за ёй абы куды.

У вечнай рэўнасці жанчын маленькіх

Мы заціскалі іх кашулі ў жменькі

I прэч цягнулі — далей ад бяды.

Да нас, свавольнікаў, не раз рука

З кустоў цягнулася Лесавіка.

...Бабулін свет!

Ён у маіх вачах

Я сыну казкі баю па начах

I абяцаю звесці ў той прастор

Да тых бароў, да сініх тых азёр,

Дзе белая, як ветразь карабельны,

Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле...

Загрузка...