* * *
Скупое сонца п'юць бакамі гмахі,
I смешны снег аблёг зямлю і дахі —
Як семяно: пласт пуху па вярху
I кругленькае, цвёрдае — ў пуху.
I не назваць, што больш было б вясеннім,
Чым гэты снег, падобны на насенне,
I сонца, што, як котка на страсе,
Аж надта годна галаву нясе.
Але ўжо прагрымелі кроплі сцёкам.
I твой пакой — абдымкаў нашых кокан,
Спусцелы кут задушных таямніц —
Асветлен скрозь прарэзы аканіц.