* * *
Маці сына й выправаджала,
А месяцам падперазала,
А зораю засцібнула,
А доляю агарнула...
Вясельная песня
Як цяжка спалучаць
Пачуцці маці — і любоў жанчыны.
Як цяжка — але толькі не з табой:
Ты і ў каханні застанешся сынам.
Не маці — я цябе падперажу
Халодным срэбным месяцам; і зору,
Як фібулу, замкну пад падбароддзем
(От хораша пяецца ў даўніх песнях!);
I доляй агарну, нібы плашчом:
Нясі старожка чару — не пралі —
Да той, танюткай і доўгавалосай,
Якую згадваў, толькі адступала
Абдымкаў нашых злітнае шаленства.
Дзе хочаш будзь. 3 кім хочаш будзь. А я
Парадуюся за цябе здалёку —
Бы тая, з песні, што на раздарожжы
Стаіць, страчаючы вясельны поезд.
3 іконаю — і з чаркай у руцэ.