* * *
Паводле сюжэтаў
«Тысячы і адной ночы»
— Здурнела! Сорам на вачах губляеш!
Пагардліва зірнуўшы спадылба,
Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш
I да грудзей штомоцы прыхінаеш
Нахабнага і брыдкага раба!
I цар, адрынуты, абагаўляе
Тваю між смецця знойдзеную рэч,
А раб каравы твар свой прыкрывае
Ад пацалункаў і цябе піхае,
Нібы свінню: «Пайшла, пачвара, прэч!»
— О той, хто загаворвае сурокі,
Дапамажы, бо звяну, як трава:
Самаадданы, юны, яснавокі,
Мне цар не мілы; нічые папрокі
Не дапамогуць: чую толькі крокі
Карослівага чорнага раба.