* * *
Няўлоўна змыкаліся захад з усходам; плялася
Нябачная сетка, а колер быў шызы і цёплы.
I цёплаю шызаю сеткай акрылася неба;
Адно — дзе-нідзе пагаралі
падоўжных аблокаў
Плас ты; і сціхала гарэнне, і човен заспаны
Сухога, маркотнага белага месяца выплыў.
I ціха ўсё стала,
і плюшч развярнуўся на месяц,
I скруткам распалася ноч...
Я адна была ў хаце.
Святла не паліла, а думала толькі:
мой Божа!
Ты любіш мяне,
дараваўшы вось гэдакі вечар
I думкі аб тым, хто святлейшы
за месяца човен, —
Такі ж беззахісны,
такі ж невяртальна далёкі...