* * *
Наймільшая з дзяўчат —
Велікавокасць, шчупласць і пяшчота —
Чытае ўголас вершы пра змаганне,
Пра шыбеніцы, пра зямлю і волю.
Граняцца слёзы на яе вачах.
Няздольная кахаць
Спявае пра любоў; няздольны плакаць
Вядзе за ёй пагляд сухі і востры,
Як лазера прамень; а той, хто здатны
I плакаць, і кахаць,— спяваць не можа.
Ён у куце; здушыў далонню рот,
Каб сцяць пакуту, што з яго ірвецца,
Не могучы быць выказанай словам,
А толькі гукам; ды грымас ягоных
Ніхто не разумее:
Усе вакол занятыя сабой.