* * *
Мокрае, шэрае неба радзімы — ды вочы
Звыклі да фарбаў няяркіх, абрысаў някідкіх.
Тут пра вясну сведчыць
нават не першы лісточак —
Першыя на тратуарах падсохлыя пліткі.
Дзіва, як тут, сярод гэтае стылае слоты,
Змог узрасці — на прыгоду і песню гатовы,
Моцны і гнуткі,
як хмелю над вокнамі сплёты,
Светлы, як хмелевы гроны
ў красе вераснёвай.