* * *
Праполка... Двухтыднёвыя дажджы
Дзяляну марнатраўем затапілі.
Паўсюль, не вылучаючы ні град,
Hi баразён,— адною злітнай хваляй
Курчавіцца і бухне зелянота.
Мелісы пах. Мяшаючыся з пахам
Парэчкі і зямлі, ён кліча — жыць!
Ён кліча — жыць! Ён кліча —
шчасным быць,
На дробязі не зварачаць увагі.
Не гледзіш? Што ж. Будзь вольны.
Бог з табой.
Жыві, як можаш. Я жыву — як хочу!
Таму што ведаю цяпер, як трэба,
Таму што падаюцца пад рукамі
Макрыцы ніцістыя карані,
I дыхае слабенькая меліса,
У свет шырокі гледзячы з адвагай,
I між кустоў парэчкі — самасея,
Хоць мокрая, ды гордая паставай
Сарана яркай барваю гарыць.