САБАКА


Жывы камяк рудой кудлатай воўны -

Сабака — бег у шэрай цiшынi

Праз краявiд, iмжы шурпатай поўны,

Дзе ў яблыняў памерзлi каранi,

Дзе жыў за плотам хрусткi зжоўклы сад,

Пад лёдам стыў асфальт дарогi ў горад,

Што мкнула ў незваротны далягляд

Праз вiльгаць у туман i ў холад.

Сцямнела. Ноч, нiбыта сiнi сум,

Ляцiць, лунае, крылы разгарнуўшы...

Сабака, знiкшы ў будцы, змоўк, заснуў,

Прыцiснуўшы да цёплай шыi вушы.

І я тут быў, калi той час

Ператвараўся ў гэты сказ.

Загрузка...