НОВАЕ НЕБА


Неба злоўленае — аконнае,

Магазiнна-пластмасава-новае.

Неба рэдкае, мякка-вясновае,

Як адноўленае iконнае.

Неба ранiшняе, вечаровае,

З указальнiкамi рознымi.

Неба гулка-вакзальна-дарожнае

Над маiм чорным роварам.

Перуновае-маланкава-ветлiвае,

Страказiнае — дрогкае, нiзкае,

Неабдымнае, дымнае з плiскаю -

Гэта неба салодка-летняе.

Неба дзеда Валодзi — вясковае

З матылькамi па-над кароваю.

Недасяжна-бясконца-блiзкае,

Мацiцовае — маё местачковае.

Неба густа-вiшнёва-ласкавае,

Самалётна-дзюралева-сiняе,

Аэрафлотна-застылае — зiмняе.

Неба зялёнае з ластаўкаю!

Загрузка...