Месяц — камень, магнiт астранома,
Несхаваная ў час навагодняя цацка,
Учарашнiя ўсёдаравальныя промнi,
Танны згублены гузiк салдацкi...
Маладзiк — маляваны святлом пачынальнiк,
Знак, якi выпадкова пакiнулi продкi,
Чарапочак археалагiчнай знаходкi,
Скрылiк лямпачкi з бiблiятэчнай чытальнi...
Поўня — сродак болесуцiшальны,
Шкельца ад люстраных акуляраў,
Сподак ураўнаважаных шаляў,
Незагнаны ў сiло, шар бiльярдны...
Сход — кавалак будзённага дзённага неба,
У лiловай атруце лiмонная долька,
Напамiн, ад якога мне робiцца золка,-
Луста хрумсткага паслясвяточнага хлеба...
Ветах — дужка наступнага сказа,
Ад якога пачнецца народная казка,
Алавянага неба iртутная частка,
Утаптаная ў ноч металёвая каска,
Камертон арганiста, пакiнуты брату
На доўгую-доўгую памяць...