АГОНЬ


Ацэтыленавы агонь

На чорна-слiзкае жалеза

Паклаў блакiтную далонь -

І засвiстаў скразняк з разрэзу.

Душа жалезнага быцця

Стагнала ў гаркаце i дыме,

У асалодзе адкрыцця -

На тэрмаядзерным уздыме.

Шуганне ветру i агню,

Кананне ветру i жалеза

Перараблялi цiшыню

На песеннасць этнагенезу.

У палымянасцi плылi,

Упарта звонячы мячамi,

Чырвона-шэрыя палi

Над ворагамi й крумкачамi...

На даляглядзе чорны конь

Ляцеў праз iрдзяную замець...

Ацэтыленавы агонь

Вярнуў пакрыўджаную памяць.

Загрузка...