Раз'ятрана, быццам вялiзны бугай,
Раве матацыкл стары i чырвоны -
Дзед Бронiк рулюе дадому праз гай.
Рахманае рэха бубнiць забабоны.
Пярэстай цялушкаю неба ляцiць
У чорны палон бугаiнага рыку.
Заглух матацыкл. Дзед Бронiк стаiць,
Не чуючы ўласнага болю i крыку.
Яму падалося, што Ядзя iдзе,
Што жонка, якая памерла тым летам,
Паклiкала цiха яго кагадзе,
А словы Ядвiгi стаяць запаветам.
Калянае лiсце ляцiць на траву,
Вятрыска ламае сухiя галiны.
У кожнай сасне Бронiк бачыць труну,
А неба зрабiлася колеру глiны.
Чырвоная поўня над садам вiсiць,
Чужы матацыкл гудзе на дарозе.
На ганку самотны дзед Бронiк сядзiць,
Ядвiга чакае яго на парозе.