РЭКЛАМА


Няярка гарыць вiтрына.

Струменяцца адлюстраваннi.

Тралейбусаў плыткiя зданi

Бруяцца ультрамарынам.

Анёлы аблокаў з дыкты

Ружовыя, нiбы мальвы,

Блiшчаць самалётнай эмаллю,

Паснуўшы ў палёце звыклым.

Завiс парашут парасону

Над цэдлiкам-парашутыстам,

У небе гандлёвай выстаўкi

Зiхцяць матылi з кардону.

Маўчаць манекены-Буды,

Нiбы эталоны здранцвення.

Над iмi шыльда — Адзенне...

Галантарэя... Абутак.

Вiтаю сваё аблiчча

У дранай джынсовай куртцы.

Яно папяросу курыць

І лязгае запальнiчкай.

Загрузка...