Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам.
На рамбазе звiнела, заходзiлася цыркулярка.
Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар.
За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка.
Закусiўшы губу, вартаўнiк пэцкаў плот салiдолам,
Праклiнаючы ў думках лядачых чарцей-падшыванцаў.
На яго не звяртала увагi сярэдняя школа,
Адпусцiўшы дадому маленькiя крылы цыратавых ранцаў.
Пад дажджом, разгружаючы моўчкi машыну з прычэпам,
Мужыкi пад паветку складалi мяхi з угнаеннем.
Учарнелае лiсце спрачалася з ботамi шэптам.
Пахла вулiца хлебам i восенню да ачмурэння.