Чалавек дажджу


Дождж ідзе на маю галаву пахмурна-навесны,

Дождж-напамін пра хуткаплыннасць светлаблакітнай песні.

Дождж ідзе. На маю галаву. Дождж серабрыставалосы.

І сплывае як ласка і глыбейшыя сэнсы маўклівых нябёсаў.

Дождж ідзе і хвалюецца сам і мяне ён хвалюе да плачу,

Шапаціць над маёй галавой як дакор мілагучны маці.

Ідзе дождж як не дождж — на маю галаву сыплецца шкліва

Нараканняў далёкіх і блізкіх людзей і праклён іх шчаслівы.

На маю галаву дождж ідзе. Дзень у дзень, дзе ні дзенься,

І плёхае следам па мокрых слізгах майго неадбежнага ценю.

Дождж празрыстаю песняй з вільготных аблокаў ідзе...

І я, родным ахутан макроццем, іду па плыткай, звонкай вадзе.

Загрузка...