Паводле Іова


Летась добра было. Сонца папераменна

стварала дзень і ноч. Нумараваныя дні

праміналі нябачна, няўхільна

і без майго намагання.

І ночы штоночы жыццё вышывалі

жывою мярэжкай — без майго намагання.

І без высілку майго дождж ішоў

і пясок асыпаўся з магіл,

і ткаўся лугамі з гаючых траў кілім.

І рыба жыла, без мяне, у вадзе,

і птушкі будавалі гнёзды.

Наўздзіў наўкол сады цвілі

і па далінах коней табуны

ганяліся за табунамі жарабіц.

Я непатрэбны быў, здавалася, нідзе

нікому ў гэтым свеце, першым і апошнім.

Але нечакана ў шыбіну акна

раз і другі з налёту стукнуў верабей,

і з хвойніка пажар прыйшоў пад хату,

і вецер адчыніў вароты мору.

І Бог, сам Бог тут затрымаўся надаўжэй

дзеля праверкі чалавека у яго парогах.

Дзе стол яды быў поўны і пітва —

стаяла з дошак негаблёваных труна.

Загрузка...